Сяргей Нікулін, арганізатар гонак крос-кантры: «У Гародні ніхто нікуды не бяжыць»

30 декабря 2013 //

siarhej_nikulinЧаму сталіца не Мінск, а Гародня, у якім ніхто нікуды не спяшаецца? Навошта гарадзенцу хобі, ад якога адныя пераломы — чытайце ў інтэрв’ю з Сяргеем Нікуліным, сябрам праўлення грамадскага аб’яднання «ВелаГродна».

«Калі б не было ровара, не ведаю, як бы я ўвогуле існаваў»

«Гародня — гэта згустак гісторыі. А Мінск для мяне — гэта праспект Незалежнасці, які вядзе на іншыя вуліцы», — пачынае расказваць пра любімы горад Сяргей Нікулін.

Ён працуе інжынерам, але сваё жыццё плануе аддаць роварнаму руху. Апроч гэтага арганізоўвае роварныя марафоны, гонкі крос-кантры — на спартовых роварах па перасечанай мясцовасці.

Сяргей кажа, што ў фізічным плане гэта адбірае шмат энергіі, але дапамагае забыцца на штодзённую мітусню. «Можа быць, гэта ў фізічным плане ты траціш шмат сілаў. Але стасункі з аднадумцамі і сябрамі разгружаюць ад мітусні, ты акунаешся ў іншую атмасферу», — упэўнены хлопец.

Апошнія тры гады ён атрымлівае ад гонак пераломы. А ўвогуле, хлопец упэўнены, «калі б не было ровара, не ведае, як бы існаваў».

cross_kantry_02-600x400

Сталіца роварнага руху

«Напэўна, за межамі МКАД жыццё яшчэ жывейшае», — адказвае на нахабнае пытаннеСяргей. — Мінск — гэта мітусня. У іншых гарадах больш спакойна. З погляду раварыста Гародню можна назваць сталіцай ровараў: тут два гады запар праводзіўся форум раварыстаў».

А вось жыць у Мінск наш герой бы не паехаў. «Мне там будзе не хапаць кола людзей, з якімі я стасуюся тут. А шукаць новае — складана, — кажа Сяргей. — Да таго ж сям’я таксама прывязаная да гораду».

«Не бачыў ніводнага чалавека, які б куды-небудзь спяшаўся»

Маленькая Гародня — так можа падацца ў тым сэнсе, што ты нібыта ведаеш большасць людзей, і цябе ведаюць.

«Ты больш на вачах, больш цябе пазнаюць. А ў Менску людзей шмат, і немагчыма абняць неабдымнае. У невялікіх гарадах, можа, нават прасцей нешта зрабіць за кошт таго, што іншыя стэрэатыпы, менталітэт, тэрытарыяльнае знаходжанне», — кажа Сяргей.

Многія з гасцей горада, з якімі ён сутыкаўся, бачаць гарадзенцаў як «заходнікаў». І самому Сяргею падаецца, што ў Гародні неяк дабрэй і спакайней, чым ва ўсходніх гарадах Беларусі.

«Але, можа, я так кажу толькі таму, што я карэнны гарадзенец. А вось меркаванне беларусаў з іншых гарадоў: яны адчуваюць сябе ў іншай атмасферы. І ім падабаецца! Тут усё размерана і ціха, ніхто нікуды не бяжыць, як у Мінску. У Гароднi рэдка ўбачыш людзей, якія б куды­небудзь спяшалiся», — упэўнены Сяргей.

cross_kantry_01-600x400

«Я не адчуваю, каб моладзь імкнулася нешта змяніць»

«Магчымасці», якія шукаюць жыхары няспешнай Гародні, насамрэч ёсць паўсюль. Апроч жадання займацца справай нічога не трэба. Але не ўсё так проста.

«Я не адчуваю, каб у нас моладзь імкнулася нешта змяніць. З чым звязана — сказаць не магу. Ініцыятывы? Не чутна такіх, каб былі і на слыху, і на вачах», — разважае Сяргей.

Ён параўноваўе роварны рух, выяўна заўважны — у гонках бярэ ўдзел і па 500 чалавек — і драбнейшыя арганізацыі. Па яго меркаванні, многіх адштурхоўвае, «нежаданне ўладаў дапамагаць» арганізацыям і ініцыятывам. Таму і людзі туды не ідуць.

«Мы ішлі на саступкі, каб мерапрыемства адбылося»

Пры гэтым, на наступны год мерапрыемствы, якімі займаецца Сяргей — 6 гонак крос-кантры «Три версты» і марафон «Соседи» — унесеныя ў каляндар аддзела па спорту і турызму.

Гэта мусіць спрасціць атрыманне дазвола на мерапрыемства, браць які «моташна», ды і не вядома, ці дадуць увогуле. Часам такія перамовы заканчваліся непрыемна: для атрымання дазволу прапаноўвалі змяніць дату ці маршрут прабегу, некалькі разоў дазвол не давалі ўвогуле.

«Мы ішлі на саступкі. Прыходзілася закрываць вочы на тое, што нас няма ў ліку арганізатараў у дзяржаўных крыніцах СМІ. Канечне, гэта ўжо не тыя запал і настрой. Ты ж укладваеш свае сілу, энергію і час», — з горыччу кажа Сяргей.

Зрабіць роварныя сцежкі шырэй за пешаходную зону

«Раней прадстаўнікі ДАІ на пытанне, чаму няма сцежак, адказвалі: трэба, каб была інтэнсіўнасць веларуху на ўчастку не менш за 50 раварыстаў на гадзіну», — кажа Сяргей.

Цяпер веларазметка на ходніках з’явілася, і гэта іх галоўная вартасць. А ўвогуле «там, дзе шырыня тратуару метраў 10-15, веларазметка ўсё адно метр», — кажа Сяргей. Месцічам няцяжка параўнаць з Польшчай — там роварныя сцежкі шырэй за пешаходную зону.

cross_kantry_03-600x400

І на бардзюры, якія з часам робяцца ніжэй па горадзе, яшчэ даводзіцца не заязджаць, а заскокваць — гэта слаба асацыюецца з перасоўваннем на ровары. Калі б знайшлося фінансаванне, Сяргей не адмовіўся б яго выдаткаваць на прывядзенне сцежак ў больш зручны для раварыстаў выгляд.

Апроч гэтага, Сяргей хоча пабудаваць крос-кантры трасу, каб не ездзіць па частцы парка, дзе прагульваюцца людзі.

А таксама пабудаваў бы нешта для дзяцей: «Мы маем парк забаваў, гарадскі парк атракцыёнаў і джунглі-парк у лесапаркавай зоне — больш нічога. А месца, дзе былі б менавіта дзеці, дзе б яны былі нечым занятыя самі па сабе, не хапае».

****

Матэрыял падрыхтаваны ў межах рэдакцыйнага спецпраекту «Сталіца, пасунься!».

Ты малады і паспяховы ці маладая і паспяховая? Шчыра займаешся сваёй справай і вырашаеш грамадскія, сацыяльныя і эканамічныя праблемы ў сваёй мясцовасці?Ці ведаеш такіх маладзёнаў?

Па ўсіх пытаннях лістуй рэдакцыю press@ampby.org! Мы прыедзем і напішам!

Аўтар: Ганна Валынец

Крыніца: www.ampby.org

Комментарии

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика