Роварам па каралеўскіх рэзідэнцыях і мясцінах паўстання

24 июня 2013 //

get_imgУ Гродне мясцовыя краязнаўцы знайшлі больш за 30 кропак, звязаных з падзеямі 1863 года. «Твой Стыль» паразмаўляў з Алесем Кроем – краязнаўцам, старшынёй гродзенскай абласной арганізацыі ТБМ, складальнікам роварнага маршруту памяці падзей 1863-64 гадоў.

Што падштурнула да складання гэтага веламаршрута?

 

150-годдзе паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага – важная дата ў беларускай гісторыі. Да гэтай падзеі кожная грамадская арганізацыя рабіла нешта сваё. У нас найлепш зрабіў намеснік старшыні абласной арганізацыі ТБМ Іван Буднік, які паспеў выдаць кнігу, прысвечаную гэтым падзеям, на падставе найперш архіўных матэрыялаў, частка з якіх нідзе не друкавалася. А напісанае, як вядома, застаецца.

Што датычыць матывацыі стварэння велатурмаршрута, то яшчэ ў 2010-2011 гг. разам са спадаром Буднікам мы зрабілі маршруты для аўтатурыстаў, прысвечаныя 150 угодкам акадэміка Яўхіма Карскага, па мясцінах, якія звязаныя з яго імем. У 2012 – тое ж самае для раварыстаў, а таксама выпусцілі вялікія плакаты да гэтых маршрутаў. Яны добра разышліся ў Мінску, сярод турфірм, праз ГрДУ.

Гэтая папярэдняя праца і падштурхнула зрабіць падобнае для памяці аб падзеях паўстання Каліноўскага. Па Карскім у велатурмаршрут увайшлі тры раёны вобласці, а па падзеях і асобах 1863-1864 гг. абраны пакуль толькі Гродна. У рабочым варыянце атрымалася сімвалічная лічба – 33 аб’екты.

Шыльда на чыгуначным вакзале. Цяпер адсутнічае з прычыны рамонту вакзала
Шыльда на чыгуначным вакзале. Цяпер адсутнічае з прычыны рамонту вакзала

Не ўсе аб’екты захаваліся. Губернатарскі палац быў спалены амаль 100 гадоў назад з нямецкіх дырыжабляў, а некаторыя тураб’екты пацярпелі і ў савецкі час. Пачынаецца веламаршрут ад чыгуначнага вакзала, дзе адбыліся вядомыя падзеі, а заканчваецца ў Грандзічах каля крыжа, дзе была знойдзена “Мужыцкая праўда”.

get_img (2)
Панямунь
get_img (3)
Панямунь

Увесь вялікі маршрут праходзіць па наступных вуліцах і плошчах: Чыгуначны вакзал – в.Ажэшкі – пл.Тызенгаўза – в.Савецкая – в.Д.Гарадзенскага – в.Замкавая – в.Ядкоўскага – в.Маставая – Стары мост – в.Агародная – в.Дарвіна – в.Падольная – Чыгуначны мост – в.Белуша – Панямонь – пл.Савецкая – в.Васілька – в.Каліноўскага – в.Урублеўскага – Дамброўскага – крыж у Грандзічах.

Плануем зрабіць і кароткі маршрут. Бо не кожны гатовы праехаць каля трох гадзін на ровары.

Якія самыя цікавыя кропкі ў маршруце?

На веламаршруце тры дзясяткі аб’ектаў, якія давялося фатаграфаваць па некалькі разоў. Яны выкладзеныя на Фэйсбуку ў суполцы раварыстаў-вандроўнікаў. Аб’екты цікавыя кожны па свойму. Тут і помнікі славутым гарадзенцам, выдатныя будынкі архітэктуры, звязаныя з тымі падзеямі, вуліцы названыя імёнамі герояў паўстання.

get_img (4)
Дом Абрэмбскіх

Мне здаецца, што моладзі будзе цікава не толькі нешта даведацца пра гарадзенскую гісторыю, але і проста праехацца на роварах па гарадзенскіх вулачках і плошчах. Кожная кропка на маршруце чымсці адметная, ад першай да апошняй. Маршрут удала стасуецца і з гарадзенскім рэльефам, дзе для раварыстаў ёсць і хуткія спускі, і крутыя узгоркі, і шмат іншага.

вул. Падольная
вул. Падольная

Каб заехаць на могілкі да Элізы Ажэшкі з вуліцы Падольнай, трэба добрая фізічная падрыхтоўка. А рухаючыся каля Старога Замку, дзе сядзелі зняволеныя паўстанцы, трэба мець добрыя тармазы, каб з гары не заехаць у Нёман. Цікава ўбачыць і параўнаць тураб’екты, звязаныя с падзеямі, якія маляваў славуты кампазітар і дырэктар оперы ў Парыжы, выдатны стралок і мастак Напалеон Орда. І не забудзьце прыхапіць з сабою фотакамеру!

Якая самая далёкая кропка ў горадзе?

Самыя далёкія кропкі на маршруце гэта былы маёнтак Друцкіх-Любецкіх у Панямоні, вуліца Дамброўскага і крыж памяці ў Грандзічах.

Магілы Элізы Ажэшкі (з мужам)
Магілы Элізы Ажэшкі (з мужам)
Магілы маці Элізы Ажэшкі на старых могілках
Магілы маці Элізы Ажэшкі на старых могілках

Што далей будзе з маршрутам? Ён так і застанецца ў планах, ці ўжо стаў камусьці патрэбным?

Ён яшчэ на стадыі распрацоўкі, але ўжо была цікавасць да выкарыстання тураб’ектаў у вядомай гульні “Начны горад”. Разам з Андрэем Мялешкам выбіралі першапачатковыя аб’екты па горадзе. Андрэй добра правёў гульню для раварыстаў, пра якую пісалі СМІ. Неўзабаве плануе правесці новую. Варта далучацца, гульні па гэтай тэматыцы дапамагалі таксама рабіць гісторык Андрэй Вашкевіч і стваральнік настольнай гульні “Паўстанцы” Антон Янкоўскі.

Хочацца сказаць дзякуй усім, хто розным чынам дапамагае ў папулярызацыі розных ініцыятыў, у тым ліку нашага маршрута. Яго мы даслалі знаёмым, сябрам, у турфірму “Мерцана”, іншым фірмам. Хутка ён выйдзе (праўда, яшчэ не фінальны варыянт) у часопісе.

На Беларусі саматугам зрабіць маршрут папулярным патрабуе шмат часу. Як добраму віну патрэбен час, так і грамадскім ініцыятывам. У нас пакуль такі рытм жыцця.

Аптэка-музей ля Фарнага касцёла
Аптэка-музей ля Фарнага касцёла

Плануем пазначыць веламаршрут на інтэрактыўнай мапе, каб кожны жадаючы мог без пасярэднікаў знайсці кароткую інфармацыю і самастойна па ім праехацца. Для гэтага патрэбна дапамога адмыслоўцаў, якім гэта цікава, бо ўся праца валанцёрская. Будзем вельмі рады ўбачыць працяг нашых ініцыятыў у іншых фарматах, такіх як гульні “Начны горад” і інш.

Ці ёсць нешта падобнае ў іншых гарадах Беларусі?

У кожнага горада былі розныя фарматы правядзення памятных мерапрыемстваў. Калі браць ўсё, што зроблена да юбілею падзей 150-гадовай даўніны, то вельмі добра прайшлі канферэнцыі, чытанні ў Мінску, Гродне, Лідзе і г.д. Выйшлі кнігі ў рэгіёнах (Гродна, Ліда, Ваўкавыск і іншыя). Ведаю, што шмат зрабілі для папулярызацыі тых падзей актывісты Беларускай Нацыянальнай Памяці, стварыўшы інтэрактыўную мапу.

Пра іншыя гарады ведаю менш. Нехта пайшоў далей пасля напісання артыкула ці кнігі. Гэта мінчукі, гарадзенцы, лідчукі. Ёсць ужо тураб’екты напісаныя Андрэем Вашкевічам для пешай экскурсіі па Гродне. Уладзімірам Хільмановічам і Іванам Буднікам для раёна і вобласці складзены спісы месцаў і помнікаў тых падзей, спісы ўдзельнікаў паўстання. Шмат напісана Алесем Смаленчуком, Алесем Радзюком, Леанідам Лаўрэшам, Дзмітрыем Матвейчыкам і інш. Антось Яноўскі і ягоныя сябры праводзяць у розных гарадах Беларуі і замежжа настольныя гульні.

Крыж у Грандзічах
Крыж у Грандзічах

Некаторыя турфірмы праводзяць экскурсіі і вандроўкі па памятных мясцінах. Па гарадзенскім раёне і вобласці тураб’ектаў для напісання новых турмаршрутаў процьма, але жадаючых напісаць – няшмат. Спрабуйце, павінна быць канкурэнцыя! Спадзяюся, што гарадзенцы ў папулярызацыі падзей 1863-1864гг. яшчэ пакажуць вартыя праекты не адзін раз.

Размаўляў і падарожнічаў з фатаапаратам Сяргей Апановіч, некалькі фота прадстаўлена Алесем Кроем

Твой Стыль

Комментарии

Комментариев к записи: 3

  1. АГА at 22:44

    Действительно интересный и небанальный маршрут. Хотелось бы проехаться и услышать об этой странице в истории Гродно

  2. source™ at 09:53

    я бы тоже с удовольствием посетил такую покатушку

  3. AGA at 12:26

    Юля, а можно как-то договориться и организовать такую покатушку?

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Яндекс.Метрика