Літоўскія велатурысты прыехалі ў Гродна па слядах «Нацыянальнай экспедыцыі па Нёмане»

02 мая 2018 //

З 28 па 30 красавіка ў Гродна прыязджала група літоўскіх велатурыстаў, якая вырашыла наведаць беларускі горад пасля прагляду спецыяльнай праграмы на мясцовым тэлебачанні — «Нацыянальная экспедыцыя Літвы па Нёмане». За два дні турысты паўтарылі частку шляху экспедыцыі на роварах, а таксама пазнаёміліся з гродзенцамі і з мясцовымі славутасцямі, аб чым іх распытаў hrodna.life

Яшчэ ў 2016 годзе літоўскія біёлагі, гісторыкі, натуралісты і іншыя спецыялісты, сумесна з вядучым тэлеканалам Літвы — LRT, здымалі ў Гродне праграму пад назвай «Нацыянальная экспедыцыя Літвы па Нёмане». Тады здымачная група правяла ў беларускім горадзе амаль тры дні і за гэты час яна паспела пазнаёміцца з мясцовымі славутасцямі ды бліжэй пазнаць культуру Беларусі. Усё гэта праз год паказалі па літоўскім тэлебачанні.

«Пасля выпуску нашай праграмы не проста павялічыцца паток турыстаў з Літвы ў Гродна, а літаральна літоўцы рынуць сюды, бо наша перадача ў мінулым тэлевізійным сезоне была самай папулярнай на літоўскім тэлебачанні», — казаў ў 2016 годзе прадзюсар праекта Эдмундас Якілайціс

Так і адбылося — апошнія два гады самы вялікі паток турыстаў у Гродне менавіта з Літвы. Літоўцы лічаць, што гэтаму паспрыяла і праграма па тэлебачанню.

Група велатурыстаў з шасці чалавек, якая вырашыла часткова паўтарыць шлях экспедыцыі, прыехала ў Гродна 28 красавіка з трох гарадоў Літвы: Кедайняя, Панявежыса і Біржая.

«Мы глядзелі перадачу, як наша літоўская экспедыцыя пабывала ў Гродне. Гэтаму гораду яны прысвяцілі два дні здымак, — распавядае турыстка Віда. — Гатовая перадача спадабался многім. Мы таксама зацікавіліся горадам Гродна і прыехалі сюды. Тут ёсць на што паглядзець. Наша група складаецца з прадстаўнікоў трох гарадоў і ўсе разам мы даехалі да Друскінінкая на машынах, а пасля пераселі на ровары і імгненна праз мяжу адправіліся ў Гродна».

Перад прыездам у Гродна турысты яшчэ раз паглядзелі перадачу з экспедыцыі, а пасля раздрукавалі сабе матэрыял з мапамі.

«Ведаеце, агульная гісторыя нас аб’ядноўвае. Мы калі перасеклі мяжу і ехалі ў Гродна, то многія людзі нас віталі і запрашалі да сябе. У Еўропе, на захадзе, такога не сустрэнеш. У цэлым у Гродна нам спадабалася, вось толькі з жыллём крыху не пашанцавала — апартаменты, якія мы замовілі апынуліся ў розных частках горада. Пакуль знайшлі гэта жыллё, то патрацілі шмат часу. Ну і хацелася, каб Гродна быў больш прыстасаваны да веларуху. Спадзяемся, калі мы вернемся сюды зноў, то умовы для велатурыстаў будуць лепей».

Комментарии

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

logo
Яндекс.Метрика