“Каб улічылі ў генплане”. Раварысты Гродна склалі мапу перспектыўных веламаршрутаў

17 августа 2017 //

Раварысты Гродна рыхтуюць прапановы для ўнясення ў канцэпцыю развіцця веларуху і генеральны план забудовы горада. Цягам лета ініцыятыўныя групы раварыстаў збіраліся, каб абмеркаваць магчымыя варыянты сумяшчэння веласцежак з існуючымі дарогамі і падрыхтаваць свае прапановы. Вынікам стала мапа з прапановамі. Іх ВелаГродна перадасць распрацоўшчыкам канцэпцыі, пiша hrodna.life.

Неабходнасць стварыць мапу зручных для раварыстаў маршрутаў узнікла, бо праца над канцэпцыяй пачнецца ўжо восенню гэтага года. Ствараць яе будзе суполка з Мінскага веласіпеднага  межах праекта “Гарадскі веларух у Беларусі”, які фінансуецца Еўрасаюзам. Канцэпцыя мае быць унесена ў генплан і ўлічвацца пры забудове горада.

“Калі перспектыўныя планы будуць прапісаны ў канцэпцыі і зацверджаны ў генплане, то больш верагоднасці, што яны з’явяцца і насамрэч”, – мяркуе Юля Каляда, кіраўнічка ВелаГродна.

“У горадзе могуць выкарыстоўвацца веласцежкі розных тыпаў. На тратуарах – абасобленыя ці сумешчаныя, на праезжых частках  – выдзеленыя для ровараў. Такія палосы могуць існаваць там, дзе хуткасць руху транспарту не перавышае 30 км на гадзіну. Напрыклад, на праездах у дварах ці да школаў. – распавядае Вераніка Гайдэль. –  Зараз мы  пазначаем магчымыя маршруты руху раварыстаў з улікам уласных ведаў пра Гродна і яго дарогі”.

“Мы прадставім сваё бачанне сітуацыі, каб спецыялісты змаглі яго ўлічыць. Праводзім аналіз, хто і ў які час рухаецца па горадзе на ровары – дарослыя ці дзеці, на гарадскіх ці на “горных”. Варта, каб у канцэнцыі ўлічылі і тую інтэнсіўнасць трафіка, што ёсць зараз, “кропкі прыцягнення” – вялікія крамы, школы ці зоны адпачынку, куды часцей ездзяць на роварах, іншыя перспектыўныя маршруты з улікам развіцця горада”, – распавядае Юля Каляда.

Пакуль жа разуменне і абяцанні не заўжды спраўджваюцца. Напрыклад, новы раён – Альшанка, выглядае дастаткова прывабным для раварыстаў. А вось выехаць адтуль на ровары ў горад – ужо праблема. Хаця кіраўніцтва вобласці і абяцала ўлічваць пры будаўніцтве і рэканструкцыі ўсіх дарог бяспечнае перамяшчэнне веласіпедыстаў, аднак шасціпалосная новая дарога з Альшанкі веласцежкі не мае. У праекце веласцежка прадугледжана. Аднак будаваць яе пакуль не збіраюцца. Таксама не мае веласцежкі і дарога з Альшанкі праз Паўднёвы і Індурскую шашу.+

Параўнанне сітуацыі з роваравым рухам у Гродне да іншых гарадах, паводле раварыстаў, таксама  пакуль выглядае не на нашу карысць. У Брэсце ўжо ёсць велапераезды, у Полацку – велапаласа на праезжай частцы, у Мінску працуе праграма “У школу на ровары”, для Магілёва распрацавалі канцэпцыю развіцця веларуху.

“Мы пакуль што ў самым пачатку шляху, але тое, што над канцэпцыяй для Гродна будуць працаваць адмыслоўцы, дае добрыя надзеі.  Спадзяемся, што створаная раварыстамі мапа будзе ім карыснай. А калі мы нешта не ўлічылі, і вы бачыце, што можна дапоўніць – напішыце нам на паштовую скрынку ВелаГродна velogrodnoby@gmail.com. Вашы прапановы мы таксама перадамо распрацоўшчыкам”, – кажуць актывісты.

Працоўны он-лайн варыянт Карты веладарожак:

Комментарии

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

banner
Яндекс.Метрика