ВелаГродна прыняло ўдзел у сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ

14 марта 2017 //
sdr

Чарговы прэс-клуб у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” меў назву “Калі цябе няма ў інтэрнэце, ты не існуеш”. Перафразуючы сусветна вядомага айцішніка, як паразумецца тым, хто напаўняе мясцовыя СМІ кантэнтам, і актывістам, чые добрыя справы часта застаюцца па-за шырокай увагай? Здаецца, у Гродне прадстаўнікі медый і грамадскага сектару знайшлі адказ, піша Будзьма беларусамі.

“Нашы метады працы са СМІ — мяккі тон і ўсмешка на твары”

“Напэўна, мы знаёмыя тут з усімі, акрамя іншагародніх”, — абвяла вокам прысутных лідарка грамадскага аб’яднання “ВелаГродна” Юлія Каляда і адразу ж раздала буклеты новым людзям.

Гродзенскія раварысты — ньюсмейкеры, якіх любяць, бадай, усе мясцовыя медыі: і недзяржаўныя, і дзяржаўныя. Пра масавыя заезды калісьці “Крытычнай масы” і арганізаваныя марафоны сённяшняга “ВелаГродна” не пісаў (а таксама фатаграфаваў, здымаў і паказваў) толькі лянівы.

Юлія Каляда кажа, што інфанагода “ў горадзе ёсць раварысты, і з імі трэба лічыцца” — ужо пройдзены этап. Сёння ні ў аблвыканкаме, ні ў ДАІ няма неабходнасці даводзіць патрэбы кіроўцаў ровараў. Трэба рухацца далей, і тут у дачыненнях з медыямі паўстае цэлы пласт праблем.

“Мы некамерцыйная арганізацыя. На гэта мала калі ў прэсе робіцца акцэнт. Многія людзі думаюць, што мы бюджэт з вобласці атрымліваем. У нас ёсць толькі сяброўскія складкі, ахвяраванні. На ўсе мерапрыемствы мы шукаем грошы самі. Людзям трэба разжоўваць: без вашай дапамогі грамадскія аб’яднанні існаваць не могуць”, — перакананая Юлія.

Яна прыводзіць у прыклад практыку еўрапейскіх краін, дзе падаткаплатнікі могуць 1% адлічыць на карысць таго ці іншага НДА. Актывістка ўпэўненая, што нават без такой сціплай падтрымкі грамадскія аб’яднанні не дадуць рады. Юлія Каляда хацела б, каб медыі надавалі значэнне яшчэ аднаму аспекту аргразвіцця: прыцягненню новых сяброў.

Мала хто ведае, што “ВелаГродна” — удзельнік таварыства “Зялёная сетка”, Грамадскай кансультацыйнай экалагічнай рады пры камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Рады па развіцці веларуху. За страшнымі афіцыёзнымі назвамі, на думку Юліі, стаяць проста канцэптуальныя рэчы.

“СМІ мала цікавяць сумныя паседжанні, хоць для нашай працы вельмі важная наяўнасць такіх радаў пры выканкамах. Для пачатку спатрэбілася гады тры, каб яны з’явіліся, пасля трэба было зрабіць, каб яны працавалі. Трэба разумець, што такія рады ўтвараюцца не для арганізацыі мерапрыемстваў, а для дасягнення мэтаў. Хочацца фундаментальных зменаў, а не проста ладзіць забавы”, — тлумачыць Юлія.

Хто ведае, што праз збег абставін у раённых гарадах адказнасць за веладарожкі даручылі БРСМ? Між тым пакуль што вынікамі гэтых радаў мала хто цікавіўся.

У “ВелаГродне”, як і ў многіх іншых НДА, няма спецыяльнага чалавека для камунікацыі з журналістамі. Сродкаў, каб такога навучыць ці проста наняць, таксама. Здараецца, што выданні ігнаруюць чарговы велапрабег ці афіцыйны зварот, бо пісалі пра гэта ўжо раней.

“Хочацца спадзявацца на ініцыятыву з таго боку: калі на велапрабегу чагосьці бракуе для “карцінкі”, давайце арганізуем гэта разам. Але гэтага не адбываецца”, — кажа Юлія.

Яна заўважыла, што з газет да яе звяртаюцца, калі там з’яўляюцца маладыя спецыялісты. Аднак калі пачынаюць задаваць пытанні, адказы на якія апублікаваныя на сайце velogrodno.by, становіцца шкада ўласнага працоўнага часу.

Рэдка, але бывае, што ў СМІ выходзяць каментары ад імя “ВелаГродна”, якія арганізацыя не давала, праз непраўдзівыя паведамленні адмяняюцца заезды, а даты марафонаў блытаюць.

“Усё ж я стараюся захоўваць мяккі тон, калі прашу паправіць памылкі. Мы разумеем, што залежым ад журналістаў”, — падсумоўвае Юлія Каляда.

У “ВелаГродне” ёсць палажэнне пра інфапартнёрства для тых, хто захацеў бы асвятляць падзеі і працу грамадскага аб’яднання больш сістэмна.

“Калі ласка, хто-небудзь, напішыце пра праблемы прафесійнага веласпорту! У вобласці ён трапіў у чорны спіс: ім даюць грошы — яны не вырошчваюць чэмпіёнаў. Праблемы спартовых школ цалкам праваленыя ў гродзенскай інфапрасторы”, — заклікала Юлія ў знак “карпаратыўнай” салідарнасці з раварыстамі-прафесіяналамі.

На завяршэнне ці то жартам, ці то ўсур’ёз актывістка зрабіла важны мэсідж і тым самым запоўніла прабел у медыях:

“Калі вы хочаце падтрымаць развіццё веларуху, скарыстайцеся найбольш зручнай для вас паслугай — АРІП альбо sms».

Крыніца: Будзьма беларусамі

Комментарии

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

banner
Яндекс.Метрика