Нямасавая «Крытычная маса»

31 мая 2011 //

А ў Беларусі чарговая акцыя абароны сваіх правоў аказалася… пад забаронаю. 13 чалавек затрымалі падчас правядзення ў сталіцы «Крытычнай масы». Ініцыятыву, якая ўва ўсім свеце існУе дзеля папулярызацыі роварнага руху, у нашай краіне палічылі непатрэбнаю.

Сотні, а часам і тысячы раварыстаў на галоўных вуліцах гораду. Гэтак званая “Крытычная маса” ў суседняй Варшаве становіцца ўсё больш папулярнаю. Дзякуючы ініцыятыве, польскія аматары двух колаў спрабуюць прыцягнуць увагу грамадзкасці да сваіх праблемаў. Падобныя мэты мела ўчорашняя “Крытычная маса” і ў Менску. Увагу прыцягнуць удалося, але зусім не грамадства.

БАРЫС АШЧЭПКАЎ, ВЕЛААМАТАР:
“2 дарожна-паставыя службы легкавых і мікрааўтобус з АМАПам. Хутка прыехалі нейкія людзі ў цывільным. Выглядалі як працаўнікі КДБ, якія ўсім кіравалі”.

А вось у Горадні “Крытычная маса” ўсё ж адбылася. Роўна 5 год назад была прведзена першая ў гісторыя Горадні, сёння — юбілейная ды апошняя акцыя выглядала не зусім традыцыйна – ДАІ загадала ехаць выключна ходнікамі, што супярэчыць самой ідэі роварнага руху.

АЛЯКСАНДР ФЯДОТАЎ, АКТЫВІСТ «КРЫТЫЧНАЙ МАСЫ»:
“У такім выглядзе “Крытычная маса” губляе сэнс, губляе свой фармат. Нават калі б мы так і зрабілі, то тое, што атрымаецца, – “Крытычнаю масаю назвацца няможна”.

Мясцовае ж ДАІ тлумачыць забарону на “Крытычную масу” тым, што акцыя правакуе раварыстаў парушаць правілы дарожнага руху. Дый увогуле, паводле інспектараў, ровар у Беларусі – транспарт непапулярны.

АЛЕГ ДУК, ПРЭС-САКРАТАР ГАРАДЗЕНСКАЙ ДАІ:
“Вось я магу прастаяць, гледзячы на ходнікі ў акно. Магу прастаяць гадзіну, дзве, тры, і тут не праездзе аніводзін раварыст”.

Тое, што пад вокнамі ДАІ не ездзяць раварысты, не дзіўна. Адкуль жа ім узяцца, калі сама аўтаінспекцыя, зрэшты, як і шараговыя грамадзяне, увесь час на ровары толькі наракаюць.

ЖЫХАРЫ ГОРАДНІ:
“На пешаходных пераходах едуць па ходніках і адразу ж не злазяць з ровара, едуць… У мяне быў выпадак, што я ледзь не задавіла дзіця”.
“Канечне, спалохаешся, калі яны праязджаюць”.
“Моладзь без галавы – едуць, дзе захочуць”.
“Немагчыма. Страшна ісці, што яны наедуць ззаду. Перашкаджаюць”.

І не дзіўна, што перашкаджаюць – беларускія гарады папросту не прыстасаваныя для раварыстаў. Роварныя сцежкі – амаль экзатычная рэдкасць, высокія бардзюры на ходніках, бадай, поўная адсутнасць адмысловых стаянак. І гэта прытым, што транспарт такі – зручны і карысны.

АЛЕГ КРЫЎШЫН, АКТЫВІСТ «КРЫТЫЧНАЙ МАСЫ»:
“Гэта здароўе, гэта адчуванне сябе жывым, у руху. Ровар – гэта магчымасць перасоўвацца па горадзе хутка. Ён хутчэйшы за грамадскі транспарт. Ровар давязе, куды табе хочацца”.

Горад таксама мае выгоды ад ровараў. Месца яны займаюць у разы меней за áўты. Ужо не кажучы пра тое, што гэта цалкам экалагічны транспарт.

ІГАР ЛАПЕХА, ЭКОЛАГ:
“80 % выкідаў газаў у атмасферу – гэта менавіта выкіды ад аўтамабіляў. Якасць нашых аўтамабіляў самі ведаеце якая. Таму ровар – гэта выйсце, і выйсце абсалютна простае”.

Выйсце, якое даўно ацанілі нашыя заходнія суседзі. Месца для ровара ў цэнтры польскай сталіцы можна знайсці практычна паўсюдна – адмысловыя сцежкі, паркоўкі, велізарны выбар сэрвісаў. Адным словам, усё тое, пра што мараць беларускія раварысты, змагаючыся за сваё месца пад сонцам.

Сяргей Марчык, “Аб’ектыў”

Комментарии

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

banner
Яндекс.Метрика